ТО́НЕЖСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ.

У Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Тонеж і Букча. Выяўлена ў 1982, папярэдне разведана ў 1987—90. Вугляносная тоўшча звязана з адкладамі ніжняга неагену і прымеркавана да Тонежскай дэпрэсіі Прыпяцкага прагіну. З 15 пластоў, лінз і прапласткаў практычнае значэнне маюць 3 пласты (I, II, III). Магутнасць іх 0,3—19,6 м, ускрышы (пясчана-гліністыя пароды) 26—132 м. Цеплата згарання 4—4,9 МДж/кг попельнасць 22—34%. На пл. 10,3 км² папярэдне разведаныя запасы 42 млн. т. Радовішча не распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)